Установа культуры «Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей»

Музей заснаваны ў 1984 г. Місія музея заключаецца ў знаёмстве публікі з асобнымі старонкамі гісторыі Смаргонскага краю, пераважна праз экспазіцыю, прысвечаную Крэўскаму замку, вытворчай дзейнасці і духоўнай культуры жыхароў краю (к. XIX — пач. XX ст.), падзеям дзвюх сусветных войнаў, якія знішчальна адбіліся на Смаргонскай зямлі; частка экспазіцыі распавядае аб вядомых земляках: пісьменніках, музыкантах і мастаках. Найбольш адметнымі праектамі музея апошніх гадоў сталі: правядзенне ў 2007 г. міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай падзеям Першай сусветнай вайны на Беларусі, арганізацыя ў 2010 г. сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь выстаўкі графікі мастакоў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Музейны фонд налічвае 9476 адзінак захоўвання (2012). Найбольш каштоўнымі сярод музейных прадметаў з'яўляюцца: крэўская кераміка XIV—XVI стст., фотаальбом сям'і Івана Сініцкага пач. XX ст., часопісы «Великая война в образах и картинках» 1916—1917 гг. У музеі праводзяцца тэматычныя экскурсіі, а таксама разнастайныя мерапрыемствы: вечарыны, сустрэчы, краязнаўчыя віктарыны, прэзентацыі.